ТЫ́ГЕЛЬНАЯ ПЛА́ЎКА металаў,

працэс атрымання металаў і іх сплаваў у тыглях; найстаражытнейшы спосаб плаўкі металаў (медзі, бронзы, пазней жалеза).

Вядома з 4 ст. да н.э. ў Індыі, Персіі, Сірыі і інш., дзе выкарыстоўвалася для вытв-сці каляровых металаў і сплаваў, а таксама высакаякаснай сталі (гл. Булат, Дамаская сталь). Пазней сакрэты Т.п. былі страчаны і адноўлены ў Еўропе англ. металургам Б.​Гентсманам (1740) для пераплаўкі цэментаванай сталі (гл. Цэментацыя) ці крычнага жалеза (гл. Горан, Сырадутны працэс) у прысутнасці флюсу. Адкрыты П.П.Аносавым працэс газавай цэментацыі жалеза пры Т.п. дазволіў скараціць працягласць вытв-сці літай сталі. За час Т.п. чыстая метал. шыхта расплаўляецца ў закрытым тыглі, метал кіпіць і супакойваецца. Пры гэтым метал не кантактуе з пячнымі газамі, што выключае акісленне металу шкоднымі дамешкамі. З укараненнем мартэнаўскага працэсу, канвертарнага працэсу і інш. Т.п. паступова страчвае сваё значэнне. Т.п. каляровых металаў выкарыстоўваюць у асн. у невял. ліцейных і рамонтных майстэрнях.

т. 16, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)